Студэнты першага курса разам з прафесарам-гісторыкам С.В. Марозавай 9 снежня 2022 г. наведалі Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Адбылася экскурсія ў Стары замак – помнік архітэктуры ХVI стагоддзя, пабудаваны па загаду караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя (1576–1586). Мы пабывалі ў той частцы замка, якая адрэстаўраваная ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Замкі Беларусі”.

Нас сустрэў прыгожы, велічны беласнежны каралеўскі палац і яго ветлівыя сучасныя гаспадары. Экскурсаводы распавялі нам цікавую гісторыю пабудовы, разбурэнняў і аднаўлення замка, які з'яўляецца часткай вялікай гісторыі горада Гродна. Усе пакоі замка абсталяваны праектарамі і інтэрактыўнымі дошкамі, што рабіла экскурсію больш маляўнічай, вобразнай, інфармацыйна прасунутай. Усё гэта, экспанаты, расказ экскурсавода дазволілі нам акунуцца ў далёкую эпоху ХVI стагоддзя. Асабліва запомніліся экспазіцыя “Барацьба з крыжакамі”, “ВКЛ у эпоху Лівонскай вайны”, выставачная галерэя, прысвечаная Стэфану Баторыю. Падчас экскурсіі мы даведаліся шмат цікавых рэчаў з гісторыі будаўнічага мастацтва, будаўнічай тэхнікі і матэрыялаў, ацяпляльных сістэм у далёкія мінулыя стагоддзі. У канцы экскурсіі любаваліся горадам з глядзельнай пляцоўкі з вяршыні замкавай вежы. Зрабілі ўнікальныя фатаграфіі.

Экскурсія была запамінальная! Гэта памяць надоўга.  

Стары замак – жамчужына нашага горада. Класнае і цікавае месца!

Студэнты Даніла Аляксееў, Андрэй Смаргонскі.

Фота – Марыя Хамко.